29 красавiка 2024, панядзелак, 17:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Стонаў: У Беларусі дыктатура і ручное кіраванне эканомікай

4
Леанід Стонаў: У Беларусі дыктатура і ручное кіраванне эканомікай
Леанід Стонаў

Беларускія чыноўнікі - антысеміты, і ўсялякія заляцанні з імі з боку Ізраіля толькі пагаршаюць сітуацыю.

Аб гэтым у інтэв’ю charter97.org заявіў міжнародны дырэктар Аб’яднання камітэтаў у абарону габрэяў у былым СССР Леанід Стонаў.

- Леанід Дзмітрыевіч, вы заўсёды даволі жорстка крытыкавалі ўлады Беларусі за антысемітызм. Падчас аднаго са сваіх візітаў у нашу краіну нават заявілі, што «беларускія чыноўнікі вылучаюцца нянавісцю да габрэяў». Як вы цяпер ацэньваеце сітуацыю тут?

- Мае месца так званы «бытавы антысемітызм» - асабісты антысемітызм, які праяўляецца чыноўнікамі і людзьмі, надзеленымі ўладай. Гэта, на жаль, пакуль невыкараняльна. У грамадстве таксама надзвычай высокі ўзровень ксенафобіі.

У Беларусі няма сапраўднага габрэйскага жыцця, няма габрэйскага тэатра, які калісьці быў тут вельмі знакамітым, няма добрых СМІ, няма габрэйскіх школ, хоць ёсць нядзельныя, але не ва ўсіх буйных гарадах - толькі, па-мойму, у трох ці чатырох. І рэлігійнае жыццё вельмі абмежаванае. Уласных рабінаў наогул амаль няма, усе яны прыезджыя і часта становяцца закладнікамі візавай палітыкі. Калі іх пазбаўляюць віз, сінагогі застаюцца без рабінаў.

Вельмі дрэнна ідзе справа і з стаўленнем да гістарычнай спадчыны і могілак. Гістарычную спадчыну трэба берагчы і захоўваць, а ў Беларусі да гэтага абыякавыя.

Так што антысемітызм ёсць, і хаваць гэта абсалютна несумленна, з гэтым трэба змагацца. Мы стараемся давесці ўладам, што ўсякі маніторынг правоў чалавека, і асабліва рэлігійнага жыцця - у інтарэсах дзяржавы. І мы гэтую працу робім не для сябе, і нават не для нацыянальных колаў, а для ўладаў. Таму ў гэтай справе трэба зрабіць рашучы паварот да адкрытасці.

- Якое ў Беларусі можа быць габрэйскае жыццё, калі знішчаецца нацыянальнае, беларускае?

- Цалкам дакладна. У Беларусі практычна адсутнічае падтрымка нацыянальнай культуры і беларускай мовы. Чамусьці мала выдаецца кніг нават такіх выдатных пісьменнікаў як Васіль Быкаў, Святлана Алексіевіч і іншыя.

Уся справа ў тым, што правы чалавека - вышэй за ўсё. Хоць павінны выконвацца ўсе правы чалавека ў комплексе, некаторыя (асабліва ў ЗША) ставяць на першым месцы свабоду веравызнання, на другім - свабоду слова. Можа, гэта няправільна, можа, на першым месцы свабода слова павінна быць - але гэта ўсё роўна. Гэта два краевугольныя камені дэмакратычнага грамадства.

У Беларусі ж дыктатура і ручное кіраванне эканомікай.

- Аднак пасол Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал заявіў, што ў Беларусі няма палітычных зняволеных.

- Гэта абсалютна няправільна і не вытрымлівае ніякай крытыкі. Я думаю, гэта ім падказвае тымі, хто фармуе палітыку ў Беларусі. Не выключаю, што амбасадару гэта падказаў той жа галоўны рэдактар газеты адміністрацыі Лукашэнкі «Савецкая Беларусь» Павел Якубовіч.

Пасол балансуе замест таго, каб адкрыта сказаць пра тое, што ў Беларусі ёсць палітвязні і трэба выпускаць гэтых людзей без усялякіх папярэдніх умоў. Мабыць, Шагал хоча ўстанавіць добрыя асабістыя стасункі з кіраўніцтвам Беларусі, але ён жа дыпламат, ён жа пасланнік сваёй краіны.

Калі б я быў міністрам замежных спраў Ізраіля, то я б адклікаў такога амбасадара.

- Сваякі беларускіх палітвязняў і лідары апазіцыі звярталіся да ўладаў Ізраіля з просьбай адклікаць такога амбасадара з Беларусі, аднак, ніякай рэакцыі не было. Толькі сёння, праз год, стала вядома, што хутка Шагал пакіне Беларусь.

- Трэба прадаўжаць дамагацца. Калі адзін раз рэакцыі не было, другі раз трэба запатрабаваць.

Я думаю, што Захад рэальна супраць усякай дыктатуры. Дыктатура нават у адной краіне - гэта пагроза не толькі суседзям, але і ўсяму свету (прыклады - гісторыя Еўропы ў 20 стагоддзі). Дыктатару здаецца, што ён цэнтр светабудовы, жыццё круціцца толькі вакол яго і ягонага рэжыму.

- У 1994 годзе, толькі прыйшоўшы да ўлады, Лукашэнка пахваліў Гітлера. У Ізраілі пра гэта забыліся?

- Я думаю, што ізраільцяне проста не хацелі раздзімаць гэтае пытанне. Не таму, што яны чагосьці баяцца, а таму што гэтая тэма вельмі непрыемная для Ізраіля. Гэта значыла неадкладна пасварыцца з беларускім кіраўніцтвам.

Але я ведаю, што ў іншых краінах рэакцыя на гэтыя словы Лукашэнкі была вельмі балючая, наша арганізацыя некалькі разоў пісала лісты на гэтую тэму. Гэта ганебная заява. Потым ён паспрабаваў яе дэзавуяваць, маўляў, яго няправільна зразумелі - але так заўсёды кажуць, калі разумеюць правільна.

- Падобныя агаворкі не выпадковыя і зразумела, якую мадэль «прэзідэнцкай рэспублікі» ўзяў на ўзбраенне Лукашэнка.

- Вядома. Трэба яшчэ разумець, дзе зробленая гэта заява. У Беларусі, дзе падчас вайны было знішчана 25 адсоткаў насельніцтва, і куды звозілі габрэяў з іншых краін у лагеры смерці для знішчэння. Гэта блюзнерства.

- Нядаўна Лукашэнка таксама заявіў аб неабходнасці ўзяць пад кантроль усіх габрэяў у Беларусі. Што гэта, калі не антысемітызм?

- Адной з формаў антысемітызму, дарэчы, з'яўляецца сцвярджэнне, што габрэі кіруюць светам. І некаторыя вераць у гэтую ідыялагему. Блізка да гэтага стаіць новая форма антысемітызму - антыамерыканізм. Таму што там усё грунтуецца на заявах, што амерыканскія банкі, амерыканскі вялікі бізнэс кіруецца габрэямі, і праз гэта яны таксама кіруюць усім светам.

Так што ёсць велізарная патрэба ў маніторынгу антысемітызму ў Беларусі, а гэтага пакуль няма. З розных прычын. Па-першае, гэта трэба арганізаваць і метадычна аформіць. Патрэбныя некаторыя невялікія сродкі, гэта павінна быць максімальна адкрытае расследаванне.

Адной з асаблівасцяў маніторынгу з'яўляецца сігнал уладам і грамадству аб праблемах у вельмі тонкай сферы. Я б на месцы спадара Якубовіча ўвёў бы рубрыку з публікацыяй матэрыялаў сайта Хартыі-97. Дзейнасць апазіцыі - гэта каласальная інтэлектуальная праца, гэта як электроніка ў аўтамашыне (GPS), якая прапануе варыянты шляху. Проста неразумна не скарыстацца.

- Куды потым накіроўваюцца факты аб парушэннях правоў габрэяў у Беларусі?

- Накіроўваюцца ў еўрапейскія краіны, кіраўніцтва ЕЗ, у ЗША, ААН, ЮНЕСКА. Захад павінен доўга думаць, перш чым прымаць пастановы аб інвестыцыях у Беларусь.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках