27 красавiка 2024, Субота, 12:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сітуацыя ў эканоміцы становіцца некіруемай

60
Сітуацыя ў эканоміцы становіцца некіруемай

МВФ намагае на правядзенні сур'ёзных рэформаў у Беларусі.

У Менску ў гэтыя дні працуе місія Міжнароднага валютнага фонду. У яго беларускія ўлады хочуць узяць новы крэдыт, і дагэтуль разлічвалі, што новая крэдытная праграма МВФ пачнецца яшчэ сёлета. Але не атрымалася: цяпер яны спадзяюцца, што першы мільярд даляраў ад фонду паступіць у 2017-м, піша naviny.by.

Крэдыт дапамог бы разлічыцца з ранейшымі абавязкамі

Чарговая місія МВФ прыбыла ў Менск 21 чэрвеня на дзесяць дзён. Фармальная яе задача - кансультацыі з уладамі ў эканамічнай палітыцы (паводле статуту МВФ, такія кансультацыі з краінамі - сябрамі фонду праходзяць штогод).

Аднак беларускі бок разлічвае на большае. Міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі і міністр фінансаў Уладзімір Амарын на мінулым тыдні заявілі журналістам, што паводле вынікаў перамоваў з экспертамі фонду разлічваюць выйсці на новую крэдытную праграму.

Паводле інфармацыі БелаПАН, макраэканамічны прагноз на 2017 год, які цяпер рыхтуюць беларускія ўлады, мяркуе, што ў будучым годзе краіна зможа прыцягнуць ад МВФ першы мільярд даляраў.

Налета валютныя плацяжы Беларусі па знешніх і ўнутраных абавязаннях складуць блізу 3 мільярдаў даляраў ЗША. Адпаведна, у выпадку прыцягнення крэдыту МВФ траціна плацяжоў будзе рэфінансаваная за кошт новай пазыкі.

Іншае пытанне, ці выдасць МВФ крэдыт. Праграму з фондам беларускія ўлады разлічвалі падпісаць яшчэ ў канцы 2015 года, аднак гэта так і не адбылося.

Згодна з неафіцыйнай інфармацыі, вясной гэтага года старшыня праўлення Нацбанка Павел Калавур і прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў падпісалі матрыцу папярэдніх захадаў, неабходных для заключэння новай крэдытнай праграмы з МВФ. Беларускі Мінфін на днях заявіў, што папярэднія ўмовы атрымання крэдыту выкананыя.

Між тым прадстаўнікі фонду, якія на мінулым тыдні выступалі з публічнай лекцыяй у Менску, ніяк не сталі каментаваць заяву беларускага боку.

Падобна на тое, асноўная фаза перамоўнага працэсу яшчэ наперадзе, і гэта ўскосна пацвердзіў на мінулым тыдні Амарын, заявіўшы журналістам, што сёлета было б «занадта аптымістычна» чакаць першай раты новага крэдыту МВФ.

Паводле дзеянняў і заяваў беларускіх уладаў бачна, што афіцыйны Менск вельмі разлічвае на грошы фонду. На гэта паказвае, між іншым, той факт, што Мінфін ужо прыступіў да падрыхтоўкі дакументаў, неабходных для новага размяшчэння еўрабондаў. А бо раней улады заяўлялі, што плануюць размяшчаць новы выпуск еўрааблігацый пасля заключэння праграмы з МВФ, якая дазволіць прыцягнуць больш танныя грошы на міжнародным рынку капіталу.

На чым будзе намагаць МВФ

Мяркуючы па ўсім, беларускім уладам маюцца быць месяцы цяжкіх перамоваў, каб выйсці на новую праграму з фондам.

Эканамічныя цяжкасці падштурхоўваюць урад да неабходнасці дамаўляцца з МВФ, мяркуе дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

«Праблемы ў эканоміцы патрабуюць развязання альбо з грашыма МВФ, альбо без іх. Прамысловыя прадпрыемствы знаходзяцца ў складаным фінансавым становішчы, у банкаў на гэтым фоне пастаянна растуць праблемныя актывы, і каб сітуацыя ў эканоміцы заставалася кіроўнай, новая крэдытная праграма з МВФ вельмі пажаданая», - кажа Чубрык.

На яго думку, практычна няма шляхоў, якія дазволілі б Беларусі развязаць праблемы ў эканоміцы без прыцягнення крэдытаў, хоць такія сцэнары і абмяркоўваюцца.

Дарэчы, экс-памочнік прэзідэнта Сяргей Ткачоў на старонках дзяржаўных газет прадаўжае даводзіць, што дзякуючы пашырэнню крэдытнай экспансіі можна забяспечыць аднаўленне эканамічнага росту ў краіне. У сваю чаргу, спецыялісты Нацбанка, каментуючы прапановы Ткачова, даюць зразумець, што чарговая напампоўка эканомікі грашыма можа мець негатыўныя наступствы, у ліку якіх - рост дрэнных даўгоў прадпрыемстваў і страта фінансавай стабільнасці.

«Зварот да эмісійнай практыкі, на мой погляд, малаімаверны. У 2000-я гады, калі мы гэтым інструментам карысталіся, эканоміка штогод атрымлівала да 10% УБП у форме энэргетычных субсідый, а сёння мы з Расеяй не можа дамовіцца аб зніжцы на газ. Даўгі за апошнія 10 гадоў істотна выраслі. Сітуацыя, калі можна было актыўна выкарыстоўваць друкаваны станок, засталася ў мінулым», - мяркуе Чубрык.

З яго слоў, паколькі ўрад і Нацбанк прытрымліваюцца палітыкі, накіраванай на забеспячэнне макраэканамічнай стабільнасці, то шанцы заключыць новую крэдытную праграму з МВФ цалкам рэальныя.

У сваю чаргу, навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Зміцер Крук падкрэслівае: «МВФ хоча бачыць сур'ёзныя рэформы ў рэальным сектары, што мае на ўвазе рэструктурызацыю, прыватызацыю і банкруцтва прадпрыемстваў. Гэта яго ўмова будзе непахіснай».

Пацяпленне палітычных стасункаў Беларусі з Захадам можа станоўча паўплываць на перамовы, кажа эканаміст. Аднак зыход іх будзе залежаць у першую чаргу ад гатоўнасці афіцыйнага Менска праводзіць глыбокія рэформы.

«Корань праблем беларускай эканомікі знаходзіцца ў рэальным сектары. Калі МВФ не ўбачыць канкрэтных крокаў па рэфармаванні сектара дзяржпрадпрыемстваў, беларуская праграма з валютным фондам можа абмяркоўвацца яшчэ і год, і два, і тры», - мяркуе Крук.

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках