28 красавiка 2024, Нядзеля, 13:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітычная шызафрэнія

60
Палітычная шызафрэнія

Увесь першы дзень прымусовага датэрміновага галасавання прозвішчы кандыдатаў, якія зняліся, былі ў бюлетэнях.

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька распавёў сайту charter97.org аб тым, што акруговыя камісіі, парушаючы закон, адмаўляліся выкрэсліваць з бюлетэняў кандыдатаў, якія зняліся з «выбараў».

«Гэта поўнае бязладдзе і беззаконне, якое рабілася на акруговых камісіях у Бабруйску, Іўі і ў адной з акругаў Менску. Ёсць юрыдычнае рашэнне партый зняць сваіх кандыдатаў. Партыя іх вылучыла і яна мае поўнае права іх адклікаць», - сказаў палітык.

«Але ў акруговых камісіях пачалі па-свойму інтэрпрэтаваць закон, і ў бюлетэнях для галасавання цэлы дзень заставаліся прозвішчы кандыдатаў, якія зняліся. Дайшло да таго, што старшыні камісій заявілі, што пакуль кандыдаты асабіста не прыедуць на ўчастак і не заявяць аб тым, што зняліся з выбараў, іх прозвішчы будуць знаходзіцца ў бюлетэнях. Гэта проста палітычная шызафрэнія!», - заявіў Анатоль Лябедзька.

Старшыня партыі Беларускі Народны Фронт (БНФ) Аляксей Янукевіч лічыць, што віной усяму некампетэнтнасць членаў акруговых камісій.

«Тыя кандыдаты, якія падалі дакументы аб зняцці з «выбараў» у панядзелак 17 верасня, пазначаныя ў бюлетэнях «выбылыя». А тры нашых кандыдата, якія падалі заяву ў аўторак, нейкі час працягвалі знаходзіцца ў бюлетэнях. Так, учора не выкраслілі кандыдатаў ад БНФ па Кобрынскай выбарчай акрузе, а таксама па 57-й і 101-й акругах Менска», - распавёў палітык.

«Я лічу, што такая праблема паўстала з-за нізкай кваліфікацыі членаў выбарчых камісій. Тыя, каго туды ўключаюць, дрэнна разбіраюцца ў выбарчым працэсе, нават не гледзячы на тое, што праходзяць нейкія трэнінгі. Яны маглі адразу ж выкрэсліваць нашых кандыдатаў са спісу, калі выдавалі людзям бюлетэні », - адзначыў Аляксей Янукевіч.

Нагадаем, 15 верасня АГП і БНФ на з'ездах партый вырашылі зняць усіх сваіх кандыдатаў з «выбараў». Сваё рашэнне палітычныя сілы матывавалі наяўнасцю ў краіне палітвязняў, прымусовым датэрміновым галасаваннем і абсалютна недапушчальным спосабам фарміравання выбарчых камісій.

Нягледзячы на тое, што партыі знялі сваіх кандыдатаў, 18 верасня, у першы дзень датэрміновага галасавання, у парушэнне закона на некаторых выбарчых участках кандыдаты ад АГП і БНФ працягвалі знаходзіцца ў бюлетэнях.

Фотa gazetaby.com

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках