29 красавiка 2024, панядзелак, 19:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лекары, праграмісты і інжынеры бягуць з Беларусі

311
Лекары, праграмісты і інжынеры бягуць з Беларусі

Рынак працы Беларусі сутыкнуўся з вострым дэфіцытам рабочай сілы.

Кваліфікаваныя спецыялісты аддаюць перавагу працы за межамі краіны, у асноўным у Расеі. Сітуацыя выклікае сур'ёзныя засцярогі ў беларускіх працадаўцаў і ўладаў. Такая выснова ўтрымліваецца ў даследаванні экспертаў трох навуковых арганізацый, паведамляе «Голас Расеі».

Галоўная прычына адтоку кадраў - адрозненне ў аплаце працы. Да таго ж, са слоў беларускага эканаміста Аляксандра Чубрыка, расейскі рынак працы праводзіць больш гнуткую палітыку.

«Сітуацыя складаная. У Расеі заробак вышэй, і разрыў даволі істотны. Магчымасці перакупіць добрых спецыялістаў вялікія. Плюс рынак працы больш гнуткі, бо прыватны сектар большы. Таму і магчымасці ёсць для адтоку кваліфікаваных кадраў. Хоць, вядома, па-ранейшаму дамінуюць будаўніцтва і транспарт, гэтыя два сектары, а не кваліфікаваны і не высокакваліфікаваны. Гэта даўняя тэндэнцыя, проста апошнім часам яна стала больш і больш відавочнай», - мяркуе эканаміст.

Акрамя спецыялістаў будаўнічай і транспартнай галіны, з Беларусі з'язджаюць лекары, праграмісты і інжынеры. Гэта прыводзіць не толькі да скарачэння прапаноў на рынку працы, але і да падзення прадукцыйнасці. Са слоў Аляксандра Чубрыка, акрамя фінансавай незадаволенасці, беларусаў не задавальняе дэфіцыт працоўных месцаў у самой краіне.

«У Беларусі ўжо больш за два гады занятасць скарачаецца, прычым, скарачаецца занятасць у дзяржсектары. А гэта чалавек кваліфікаваны. Што ён робіць? Ён вывучае магчымасці ў бліжэйшых краінах. А там магчымасці, аказваецца, мала таго, што ёсць, дык яшчэ і па зарплаце больш прывабныя. Цяпер сумясціліся дзве рэчы: раней ехалі тыя, хто хацеў зарабіць больш і кар'еру выбудаваць больш цікавую. А цяпер атрымліваецца, што людзі пачалі ехаць, бо папросту магчымасцяў не знаходзяць. Магчымасць атрымаць адэкватную працу, за нармальнае ўзнагароджанне за апошнія пару гадоў, у пасля крызісныя гады, знізілася. З пункту гледжання занятасці перспектывы сталі горшыя», - кажа ён.

Што ж тычыцца маладых спецыялістаў, то, паводле апошніх апытанняў, большасць з іх не бачаць перспектыў у сваёй краіне. Ужо на апошніх курсах навучання ў беларускіх ВНУ моладзь шукае магчымасці працаўладкавання ў блізкім і далёкім замежжы. Студэнтка 5 курса архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага політэхнічнага ўніверсітэта Валерыя Анікейчык, кажа, што яе мара - уладкавацца ў Маскве.

«Давучваюся апошні курс. Ужо вясной атрымаю дыплом і, думаю, што ў Беларусі я ўсё ж не застануся. Тут няма ніякіх перспектыў, зарплаты вельмі маленькія, не хачу сядзець у якім-небудзь дзяржаўным НДІ, гінуць там сярод чарцяжоў - усё, што замаўляе дзяржава, гэта сумна, нецікава і нізка аплачваецца. Паеду ў Маскву. У мяне вельмі шмат сяброў, знаёмых, якія з'ехалі туды і вельмі нават нядрэнна ўладкаваліся. Там ёсць попыт на добрых спецыялістаў з дыпломамі. Я думаю, што знайду там сваю нішу, сваё месца, змагу годна зарабляць і знайду цікавую працу ў той жа час», - кажа яна.

Паводле прызнання экспертаў, Расея і ў далейшым будзе заставацца самай прывабнай краінай для працоўных мігрантаў з Беларусі. Прычыны відавочныя: няма моўнага бар'еру, дзякуючы розным інтэграцыйным пагадненням, у тым ліку адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстана і Расеі, няма адміністрацыйных абмежаванняў у працаўладкаванні. Тым часам, на змену беларускім спецыялістам у нашу краіну прыязджаюць працоўныя з Кітая і Паўночнай Карэі.

Фота: azatliq.org

Напісаць каментар 311

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках