30 красавiка 2024, aўторак, 12:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады хочуць павысіць пенсійны ўзрост

146
Улады хочуць павысіць пенсійны ўзрост

Пытанне павышэння пенсійнага ўзросту ў Беларусі разгледзяць ужо ў наступным годзе.

«Комсомольская правда в Беларуси» вывучыла план урада і Нацбанка па рэфармаванні эканомікі.

Аднымі з галоўных пунктаў у гэтым сумесным дакуменце, вядома ж, стала ўразанне грошай, якія ідуць на дзяржпраграмы, скарачэнне крэдытаў для фабрык і заводаў, а таксама іншых расходаў бюджэту.

Усяго ж у плане 12 пунктаў, і за кожным з іх замацаванае адказнае міністэрства ці ведамства, якое павінна выканаць свой пункт. Напрыклад, у наступным годзе інвестарам дазволяць прыватызаваць дзяржуласнасць на суму да 4,5 млрд. даляраў і разгледзяць пытанне аб стварэнні ў краіне назапашвальнай пенсійнай сістэмы.

Дарэчы, падобны план урад ужо прымаў у паслякрызісным 2009 годзе. Праўда, тады ён быў амаль у пяць разоў больш (52 пункты). Частка плана была рэалізаваная. У прыватнасці, адмянілі частку падаткаў для бізнесу. Напрыклад, прадпрымальнікі, якія працуюць у сферы рознічнага гандлю, не плацяць сёння падатак з продажаў, а вытворцы сельгаспрадукцыі не выплачваюць збор у рэспубліканскі бюджэт. З іншага боку, не ўсе задумы атрымалася ўвасобіць у жыццё. Возьмем хоць бы тых жа прадпрымальнікаў, якім абяцалі скараціць тэрміны выдачы сертыфікатаў на тавары. Але да гэтага часу, каб атрымаць такую паперу, іпэшніку, які гандлюе вопраткай або абуткам, патрэбна каля трох тыдняў.

Самыя важныя пункты плана рэформаў

- продаж стратэгічным інвестарам дзяржаўнай уласнасці на суму да 4,5 млрд. даляраў (кастрычнік 2013-га - чэрвень 2014 года);

- продаж Дзяржкаммаёмасцю неканкурэнтаздольных, устойліва неплацежаздольных арганізацый як маёмасных комплексаў за адну базавую велічыню - за 130 тысяч рублёў (на працягу месяца);

- абавязковы ўдзел усіх беларускіх арганізацый у электронных таргах у рамках закупак па расейскіх федэральных і іншых дзяржаўных праграмах (2013-2014 гады);

- ствараецца працоўная група па вывучэнні сусветнага вопыту ў знешнеэканамічнай дзейнасці, скарачэнні складскіх запасаў, забеспячэнні эфектыўнасці продажаў і зніжэнні запазычанасці за імпартную прадукцыю;

- прэміраванне кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў у залежнасці ад паказчыкаў эфектыўнасці работы прадпрыемстваў - 10% ад гадавога прыбытку (снежань 2013 года);

- змяніць сістэму аплаты працы бюджэтнікаў (чэрвень 2014-га);

- развіваць назапашвальную пенсійную сістэму, распрацаваць асноўныя напрамкі развіцця пенсійнай сістэмы да 2025 года і разгледзець пытанне павышэння пенсійнага ўзросту (чэрвень 2014-га);

- распрацоўка сістэмы будаўнічых зберажэнняў (чэрвень 2014-га);

- разгляд пытання па ўвядзенні адзінага падатку на маёмасць і скарачэнне падатковых льгот (сакавік, чэрвень 2014-га).

Заўвага: у дужках пазначаныя тэрміны, у якія неабходна падрыхтаваць дакументы.

План па рэформах прыдумалі, каб пазычыць грошы ў МВФ?

Як толькі з'явіўся сумесны план урада і Нацбанка па рэформах, экспертная супольнасць загаварыла: дакумент напісалі, каб атрымаць крэдыт ад Міжнароднага валютнага фонду (МВФ). Дарэчы, пункт аб новай праграме з міжнароднымі крэдыторамі таксама ўключаны ў план.

- Справа ў тым, што пад першы крэдыт ад МВФ у памеры 3,5 млрд. даляраў у нас была распрацаваная праграма мер, частка якіх была рэалізаваная, а частку якіх пахавалі. Відавочна, што і МВФ, і Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС навучаныя гэтай сітуацыяй, калі не ўсе ўзятыя абавязацельствы выконваюцца. І верагодна, што ўсе наступныя крэдыты будуць вылучацца па прынцыпе «раніцай грошы - увечары крэслы», - кажа аналітык афіцыйнага партнёра Альпары у Менску Вадзім Іосуб. - Спачатку беларускаму ўраду трэба будзе прадэманстраваць не толькі на паперы выкананне нейкіх планаў, а рэальны вынік, і толькі пасля гэтага будзе выдзелены крэдыт. Калі ж казаць пра самі меры, якія прапісаныя ў плане, то нічога невыканальнага там няма.

З-за плана ўрада ў Беларусі пачнуць высякаць лясы?

Справа ў тым, што сярод іншага чыноўнікі плануюць павялічыць аб'ём нарыхтоўкі дзелавой драўніны і пры гэтым скараціць колькасць лясоў першай катэгорыі (гэта значыць самых старых і каштоўных). Зараз такімі будуць лічыцца не 51% усіх лясоў, а ўсяго толькі 35%.

- Каб захаваць стары лес, трэба выконваць баланс: адны дрэвы высеклі - іншыя падсадзілі. А яго знішчэнне можа абярнуцца сур'ёзнымі праблемамі для будучых пакаленняў. Недапушчальна, каб у галоўнымі лічыліся грошы, а не патрэбы людзей у здаровым экалагічным асяроддзі, - кажа Юрый Глушакоў, першы намеснік старшыні партыі «Зялёныя». - Было б не так крыўдна, калі б гэты лес перапрацоўваюцца ў нас і сыходзіў за мяжу ў выглядзе гатовых вырабаў. Гэта прынесла б эканоміцы вялікі прыбытак. Але часцяком лес мы прадаем у выглядзе піламатэрыялаў і за не вельмі вялікія грошы.

Напісаць каментар 146

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках