28 красавiка 2024, Нядзеля, 8:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка абразіў Барака Абаму (Відэа)

337
Лукашэнка абразіў Барака Абаму (Відэа)

Беларускі дыктатар дапусціў расісцкія выказванні ў адрас Барака Абамы.

Лукашэнка заявіў, што лічыць недапушчальнай палітыку кіраўніцтва ЗША, якое абгрунтоўвае ўмяшанне ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў наяўнасцю ў амерыканскай нацыі «права выключнасці», піша «Інтэрфакс».

Пра гэта ён заявіў у Менску ў інтэрв'ю казахстанскаму тэлеканалу «24KZ» напярэдадні свайго афіцыйнага візіту ў Астану.

«Паглядзіце, да чаго дагаварыліся. Амерыканская нацыя, а я як гісторык, не магу асэнсаваць, што гэта за нацыя такая, якая прысвоіла сабе права нейкай выключнасці. Мы гэтую выключнасць у сярэдзіне мінулага стагоддзя перажылі, і яна каштавала 50-ці млн жыццяў», - заявіў Лукашэнка.

Як адзначыў беларускі кіраўнік, «прысвойваць сабе нейкую выключнасць і ў выніку гэтага абгрунтоўваць бамбёжкі іншых дзяржаў - гэта, мякка кажучы, контрпрадуктыўна». «Гэта вельмі дрэнна, як правільна казаў Пуцін, што гэтую выключнасць убіваюць у галаву амерыканцаў. І яны, як гэта было калісьці ў Германіі, пачынаюць разумець, што гэта асаблівая раса, асаблівая выключнасць, і мы (ЗША) павінны наводзіць парадак у свеце і ўсіх пастрыгчы пад іх стандарты», - заявіў ён.

«І наогул мяне Абама здзіўляе, яшчэ нядаўна чарнаскурыя людзі ў Амерыцы рабамі былі, а сёння аб выключнасці нейкай заяўляюць. Я ніколі не думаў, што чалавек, які выйшаў з гэтых бедных слаёў, зможа наогул рыторыку такую ў свеце праводзіць. Гэта недапушчальна, гэта вельмі небяспечна. Дарэчы, нашыя і вашыя, і расейскія дэмакраты, як быццам гэтага не заўважаюць…», - сказаў ён.

Лукашэнка таксама перасцярог адміністрацыю ЗША ад ваеннага ўмяшання ў Сірыю, заявіўшы, што ў гэтым выпадку «мала не падасца ўсім».

«Дабром гэта не скончыцца. Не дай бог, амерыканцы ўлезуць туды, як яны ўлезлі ў Лівію, і пачнуць бамбіць, то будзе катастрофа. Вось тады ўспыхне ўся арабская дуга, тады мала не падасца ўсім. Таму што ў гэты канфлікт будзе залучаны Іран і іншыя дзяржавы, будзе вельмі горача», - заявіў Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік адзначыў, што да вайны ў Сірыі ставіцца «вельмі негатыўна не толькі як прэзідэнт, але і як чалавек». «Таму мы вельмі актыўныя ў гэтым пытанні, мы адкрыта выказваем сваю пазіцыю», - сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што беларускі бок у дадзеным выпадку пазіцыянуе сябе ў рэчышчы расейскай палітыкі. «Мы катэгарычна супраць таго, каб нават супердзяржава пад якімі бы там ні было лозунгамі ўмешвалася ва ўнутраныя справы той ці іншай дзяржавы, зрынала, забівала, вешала прэзідэнтаў. А колькі тысяч чалавек уходалі? Якая гэта дэмакратыя?» - заявіў ён.

Ён нагадаў, што мае «даўнія адносіны з Сірыяй, яшчэ з часоў Хафеза Асада». «Я вельмі сябрую з яго сынам - цяперашнім прэзідэнтам Башарам Асадам. Гэта вельмі інтэлігентны і прыстойны чалавек, вельмі добры чалавек», - сказаў Лукашэнка.

Нагадаем, падчас грамадзянскай вайны ў Сірыі, якая пачалася ў 2011 годзе, улады заходніх дзяржаў неаднаразова заяўлялі пра магчымасць замежнага ваеннага ўмяшання ў выпадку, калі Дамаск прыменіць хімічную зброю. Пасля атакі 21 жніўня, ахвярамі якой сталі каля паўтары тысячы чалавек, пра намер прымяніць ваенную сілу супраць рэжыму Асада заявілі ЗША, у цяперашні час пытанне аб гэтым знаходзіцца на разглядзе Кангрэсу. Між тым афіцыйны Дамаск ускладае віну за тое, што здарылася, на паўстанцаў, а высновы інспектараў ААН, якія абследавалі месца атакі, пакуль не апублікаваныя.

Напісаць каментар 337

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках