3 траўня 2024, Пятніца, 19:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У акцыі «Стоп-падатак» удзельнічала ДАІ (Відэа)

439

Даішнікі часткова заблакавалі рух на праспекце Незалежнасці.

Уздоўж усёй галоўнай магістралі Менска сёння ўвечары стаялі сотні міліцыянтаў і супрацоўнікаў спецслужбаў у цывільным.

Аўтамабілісты запланавалі паўтарыць акцыю пратэсту супраць увядзення падатку на аўто 27 снежня а 18.00. Такая інфармацыя з'явілася ў сацыяльных сетках.

«Мы выйшлі і выехалі 20 снежня, але нас улады не пачулі! Таму мы будзем «крычаць» далей датуль, пакуль нас не пачуюць. У гэтую пятніцу 27 снежня а 18:00 на цэнтральных праспектах свайго горада мы зноў пакажам сваё «Я»! Мы людзі, а не быдла, і з намі трэба лічыцца. Прыход абавязковы ва ўсіх гарадах краіны! Баяцца няма каго - ён ніхто!» - гаворыцца ў паведамленні аўтааматараў.

Увесь тыдзень супрацоўнікі ДАІ і міліцыя папярэджвалі аб адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у сённяшнім мерапрыемстве. Некалькі чалавек у Менску і Магілёве былі арыштаваныя. У аднаго з удзельнікаў папярэдняй акцыі канфіскавалі аўтамабіль.

Сайт charter97.org вёў онлайн-трансляцыю з акцыі.

19:17 На гэтым мы заканчваем онлайн-трансляцыю з акцыі «Стоп-падатак».

19:15 Менчукі жартуюць у «Твітэры»: «Міліцыя зладзіла акцыю «Стоп-падатак», перацяўшы праспект», «Улада настолькі перастаралася, што для пятнічнай часіны пік праспект незвычайна пусты».

19:01 Затрымалі яшчэ некалькіх удзельнікаў акцыі. Мужчну на аўтамабілі Peugeot спынілі дзеля гукавога сігналу. Актывістку БХД Вольгу Кавалькову затрымалі ў самым пачатку акцыі, у яе на аўтамабілі была налепка «Стоп-падатак».

18:53 ДАІшнікі спынілі адзін з аўтамабіляў на скрыжаванні вуліцы Купалы і праспекта Незалежнасці.

18:48 Некалькі аўтамабіляў спыніліся на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Леніна і пачалі сігналіць. Кіроўца аднаго з іх заблакаваны ў самаходзе. Да ўдзельнікаў акцыі падбеглі супрацоўнікі ДАІ і міліцыя. Яны адштурхалі адзін з аўтамабіляў да ходнікаў.

18:45 Даішнікі перацялі праспект Дзімітрава ў Баранавічах. На цэнтральнай плошчы горада зрэдку чуваць сігналы.

18:34 Адзін з кіроўцаў патэлефанаваў на нумар 102, каб даведацца прычыну перацятага праспекта. «Службовая патрэба», - адказаў дзяжурны і параіў звярнуцца ў ДАІ. Пра гэта піша «Комсомольская правда в Беларуси».

18:32 Каля будынка Менгарвыканкама спыніўся спецыяльны аўтобус, нумар АВ 8563-4 з увамкнутай аварыйнай сігналізацыяй, утварыўся вялізны затор. Пра гэта паведамляе карыстальнік сацсеткі «Фэйсбук» Дзяніс Івашын.

18:28 Затрымалі яшчэ адную ўдзельніцу акцыі. Ёй проста на месцы выпісалі штраф. Прычынай затрымання стала налепка «Стоп-падатак».

18:27

18:26 Нягледзячы на запалохванні і наяўнасць сотняў даішнікаў на ходніках, асобныя кіроўцы ўсё ж такі наважваюцца даваць адзінкавыя сігналы. Яны чутныя ў розных частках праспекта, паведамляе «Наша Нiва».

18:18 Супрацоўнікаў ДАІ і амапаўцаў на праспекце больш чым удзельнікаў акцыі.

18:14 Каля Кастрычніцкай плошчы затрымалі аднаго з удзельнікаў акцыі.

18:12 Відавочцы паведамілі, што супрацоўнікі ДАІ перацялі праспект Незалежнасці ў раёне Акадэміі Навук і на скрыжаванні з вуліцай Казлова. Уезд на галоўную магістраль горада з шэрагу вуліц закрыты.

18:10 З аднаго аўтамабіля чутная песня «Ляпісаў» « Belarus Freedom».

18:07 Ля плошчы Незалежнасці пачалі сігналіць самаходы.

18:04 Плошчу Леніна ў Берасці патрулююць міліцыянты.

18:01 На рагу праспекта Незалежнасці і вуліцы Валадарскага загучалі першыя сігналы аўто.

17:50 На Кастрычніцкай плошчы вялікая колькасць людзей у цывільным.

17:40 Яшчэ да пачатку акцыі ўздоўж усяго праспекта Незалежнасці стаялі дзесяткі супрацоўнікаў ДАІ.

Нагадаем, у наступным годзе ў Беларусі можа з'явіцца аналаг транспартнага падатку – дзяржаўны збор за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Плаціць яго давядзецца падчас праходжання дзяржаўнага тэхнічнага агляду як юрыдычным, так і фізічным асобам.

Навацыя выклікала пратэст беларусаў. Пад зваротам да ўладаў з патрабаваннем скасаваць падатак на аўто за некалькі дзён было сабрана 78 тысяч подпісаў. Сёння аўтамабілісты плануюць зноў перацяць праспект Незалежнасці ў знак пратэсту. Мінулым разам акцыя прайшла 20 снежня, тады аўтамабілістам удалося перацяць праспект Незалежнасці.

Напісаць каментар 439

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках