30 красавiка 2024, aўторак, 17:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Руслана: Агрэсія Расеі дойдзе да Беларусі і краін Балтыі

46

Беларусам трэба быць гатовымі абараняць сваю краіну.

Інтэрв'ю з Русланай выйшла ў эфір у праграме «Прасвет» на тэлеканале «Белсат». У самым пачатку Руслана сказала, што ёй падабаецца беларуская мова, а ўкраінцы і беларусы - сапраўды брацкія народы.

- Пачнём размову з сур'ёзных рэчаў. Кіеў перастаў фінансаваць Данецк, сітуацыя складаная, ідзе зіма. Ці азначае гэта, што Кіеў фактычна аддаў гэтыя тэрыторыі?

- Мы - ахвяры прапаганды. Прапаганда мае вялікія рэсурсы, і нам вельмі цяжка дакрычацца да іншых, каб расказаць, што адбываецца на самай справе. Я б вельмі хацела, каб вы разумелі: калі ва Украіне пра штосьці кажуць вельмі адназначна і гучна, навязваюць, ведайце - гэта няпраўда. Бо не мог Кіеў сказаць, што не будзе дапамагаць Данбасу.

... Але спынілі выплату пенсій.

- Цяпер вельмі актыўна абмяркоўваюць - як дапамагаць Данбасу. Я збірала гуманітарную дапамогу і літаральна заўтра яе павязуць людзі, якія пастаянна ездзяць у Данецк. Мы вязем дзіцячую вопратку, памперсы, лекі, абагравальнікі, ежу. Ёсць розныя праекты, якія мы ўжо прэзентавалі на тэлебачанні, паводле якіх валанцёры змогуць адрасна дастаўляць дапамогу пенсіянерам на Данбасе. Мы і за Крым хвалюемся. Але зроблена ўсё, каб нас у гэтыя рэгіёны не пусціць.

Калі б у Данецк і Луганск не везлі такой колькасці расейскай зброі, там не было б таго, што адбываецца цяпер. Нас арганізавана штурхаюць да вайны, гэта дакладная агрэсіўная палітыка Пуціна ў дачыненні да Украіны. Спрабуюць стварыць Наваросію, але людзям у Данецку і Луганску гэта не трэба. Распрацоўваюць дыверсіі ў іншых гарадах - Адэсе, Харкаве.

- Гэтыя сілы на Луганску і Данецку не спыняцца?

- Мы не спынім гэтую агрэсію. Яна дойдзе да Беларусі. Яна можа дабрацца і да краін Балтыі, Польшчы. Мы не ведаем яе маштабаў і не ведаем, што ў Пуціна ў галаве і якія ён мэты ставіў, калі пачынаў вайну супраць свету - па-іншаму не скажаш. Ён імкнецца адрадзіць мадэль Савецкага Саюза. Гэта значыць, усё, што мы атрымалі з незалежнасцю, што наша, Пуцін зняпраўджвае, кажучы «не» вашай гісторыі, вашай краіне. Ён гэта сказаў у адрас Казахстана, сказаў, што і Украіны як дзяржавы не існуе. А гэта не проста хлусня, гэта злачынства перад гісторыяй і народам гэтай краіны. Я вельмі перажываю за Беларусь. Гэта выдатная краіна са сваёй гісторыяй і культурай, і ніхто ні нам, ні вам не павінен казаць, што мы - усяго толькі кавалачкі «вялікага рускага свету».

- Руслана, я хацела спытаць цябе пра беларуса Міхаіла Жызнеўскага, які загінуў на Майдане. У Кіеве адкрылі мемарыял герою «Нябеснае сотні», але ён не зможа быць Героем Украіны. Беларускія актывісты і Рада БНР звярнуліся да Пятра Парашэнкі, каб ён усё ж уключыў Жызнеўскага ў гэты спіс герояў. Як ты ставішся да гэтай сітуацыі?

- Я асабіста ведала Жызнеўскага, мы былі з ім на Майдане. Ён быў у самаабароне, часта да мяне прыходзіў, калі я дзяжурыла, мы пілі гарбату разам. Я была і калі яго пахавалі. Гэта быў цудоўны і вельмі прыгожы чалавек - унутрана і вонкава. Ён не толькі змагаўся за свабоду Украіны, а ў прынцыпе за свабоду. Ён не толькі герой Украіны, але і Беларусі. Беларусь павінна ганарыцца яго адвагай, бо ў наш прагматычны час далёка не кожны пойдзе на такія ахвяры. Для нас загінулыя хлопцы - святыя.

- У ноч з суботы на нядзелю адбудзецца «Ноч памяці», якую ты арганізоўваеш. Ноч памяці перш за ўсё студэнтаў. Чаму Майдан важны для маладога пакалення? Чаму яны кажуць, што Майдан не скончыўся?

- Мы хочам аднавіць той светлы Майдан, які рабілі са студэнтамі. Студэнцкі Еўрамайдан, які знішчылі ў ноч з 29 на 30 снежня сілай. Гэта было зроблена вельмі жорстка, мы паверыць не маглі, што гэта магчыма. Тады спецпадраздзяленні не проста «зачысцілі» Майдан, але яшчэ ездзілі і шукалі, хто дзе. Задача была ўсіх ўзяць у падвойнае кальцо, пагрузіць у аўтобусы і кудысьці вывезці. Часткова гэта ўдалося, але частка з той спецгрупы, убачыўшы, як жорстка збіваюць нават дзяўчат, не вытрымалі - расступіліся і далі ім магчымасць уцячы. Я памятаю, як ездзіла і збірала іх, некаторых моцна збітых адвозілі ў лякарню. Але яны ездзілі і далей шукалі студэнтаў.

- І ў завяршэнне: што для цябе Майдан?

- Калі вы прыходзіце да мамы і таты, або ў царкву да свайго духоўнага настаўніка і адкрываеце душу, вы шчырыя. Майдан - гэта месца, куды прыйшлі людзі, своеасаблівы храм волі. Мы прыйшлі выратаваць сваю годнасць, надзею на будучыню, мы прыйшлі ратаваць сваё жыццё. Гэта было ачышчэнне, людзі адкрыліся адзін аднаму. Гэта была сапраўдная чалавечая салідарнасць, якая аб'ядноўвае людзей і спараджае такія з'явы, калі вы гатовыя сабою закрыць ад куль невядомага чалавека, стаяць на Майдане да перамогі. Бо вы прыйшлі адстойваць каштоўнасці, у якія верыце: справядлівасць, свабода, гонар.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках