26 красавiка 2024, Пятніца, 20:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь патрабуе ад Расеі кампенсаваць страты НПЗ

44
Беларусь патрабуе ад Расеі кампенсаваць страты НПЗ

Торг ідзе за суму да $1,5 мільярда.

Беларусь патрабуе ад Расеі фінансавую кампенсацыю за падатковы манеўр ў нафтавай галіне, распавялі «Ведомостям» тры федэральныя чыноўнікі. Ідуць перамовы аб кампенсацыі страт беларускіх НПЗ, кажуць яны. «Пастаноў пакуль няма: мы дамовіліся палічыць сумесна страты і падумаць, што з гэтым рабіць», - тлумачыць высокапастаўлены чыноўнік з Беларусі.

Трохгадовы манеўр - гэта зніжэнне пошлін на нафту, а таксама акцызаў і павышэнне ПЗКВ:

З 2015 стаўка ПЗКВ на нафту вырасце да 765 руб (у дзеючым законе - 530 руб), з 2016 г - 856 руб, з 2017 г - 918 руб. Экспартная пошліна на нафту знізіцца за тры гады прыкладна да ўзроўню Казахстана - да 42, 36 і 30% адпаведна.

Праз зніжэнне пошліны вырасце ўнутраны кошт на нафту (прывязаны да пошліны ў формуле), што ударыць па маржы нафтаперапрацоўкі як у Расеі, так і ў Беларусі. Яе заводы купляюць нафту ў Расеі без пошлін паводле ўнутранага кошту, у якасці кампенсацыі Беларусь аддае пошліны ад экспарту нафтапрадуктаў, вырабленых з расейскай нафты.

Страты Беларусі ў 2015 г. могуць скласці $250 млн, у 2016 г - $300 млн, у 2017 г - $370 млн, распавёў «ПРАЙМ» чыноўнік у профільным беларускім ведамстве. Ён не ўдакладніў, пра якія страты ідзе гаворка - бюджэту або галіны. Прэс-сакратар прэм'ера Беларусі не змог адказаць на пытанне «Ведамасцяў». Страты Беларусі да канца яшчэ не палічаныя, кажа чыноўнік з Беларусі. Прадстаўнікі Мінфіна і Мінэнерга Расеі не камэнтуюць прапановы Менска.

Беларусь прапануе знізіць суму пошлін, што пералічваюцца Расеі ад экспарту нафтапрадуктаў, распавядаюць два ўдзельнікі перамоваў. Гэта плата за нафту без пошлін. Аляксандр Лукашэнка ацэньваў яе прыкладна ў $4 млрд. Менск настойваў на тым, каб пасля пачатку функцыянавання Еўразійскага эканамічнага саюза з 2015 г усе кампенсацыі і абмежаванні былі скасаваныя. Але гэта не задавальняла Расею, і яна ўгаварыла Беларусь зніжаць кампенсацыі паступова - у 2015 г Расея атрымае на $1,5 млрд менш. Цяпер Беларусь хоча аддаваць яшчэ на $1-1,5 млрд менш, кажа ўдзельнік перамоваў. Праз больш выгадны для нафтавікоў манеўр (альтэрнатывай было павышэнне пошлін на экспарт мазуту да 100% ад нафтавага) бюджэт Расеі і так губляе да 240 руб. Паводле ацэнак чыноўнікаў, праз кампенсацыі Беларусі страты могуць скласці блізу 300 млрд руб.

Расея і так моцна субсідуе Беларусь: за 2013 яна за кошт нафты і газу атрымала прэферэнцыі прыкладна на $10 млрд, без уліку вернутых у Расею пошлін на расейскі трансферт - $6 млрд або блізу 10% ВУП Беларусі, паказваў у артыкуле для «Ведомостей» Аляксандр Кнобель з Інстытута Гайдара.

Калі не атрымаецца пакінуць ранейшыя параметры, прыйдзецца апісваць новыя ўмовы ў пагадненні з Беларуссю, распавядае расейскі чыноўнік: «Мы не можам праз змены сваёй унутранай позвы пагаршаць становішча Беларусі». Гэта толькі адна з ідэй, магчыма, гаворка будзе ісці пра крэдыты ад Расеі, разважае адзін з чыноўнікаў. Калі Расея дасць кампенсацыю Беларусі, гэта будзе несправядліва, абураны адзін з чыноўнікаў: «Са свайго бюджэту мы аплацім і расейскія неэфектыўныя НПЗ, і беларускія».

Паводле ацэнак Мінфіна і Мінэнерга, маржа расейскай нафтаперапрацоўкі пасля манеўру знізіцца прыкладна з $55 за тону да $30-20. Маржа беларускіх НПЗ знізіцца не так моцна, сцвярджаюць два расейскія чыноўнікі. Іх маржа будзе блізу $30-40, кажа чыноўнік, блізкі да Мінэнерга: «Расейскі бок усяляк дапамагае беларускім НПЗ знізіць страты, у прыватнасці, паказвае тэхналогіі паскоранай мадэрнізацыі». Беларускія НПЗ працуюць у тых жа фіскальных умовах, што і расейскія, распавядае дырэктар Маскоўскага нафтагазавага цэнтра EY Дзяніс Барысаў, у іх падобныя тэхналагічныя характарыстыкі (глыбіня перапрацоўкі - 70 і 72% адпаведна) і планы мадэрнізацыі. Таму агульны ўплыў манеўру для беларускіх і расейскіх НПЗ будзе амаль ідэнтычным (пры ўмове сінхранізацыі акцызаў), ключавы фактар для будучых даходаў (як і ў Расеі) - ход мадэрнізацыі заводаў, заключае Барысаў.

Лукашэнка заўсёды спрабуе выкарыстоўваць любую магчымасць, каб выгандляваць для Беларусі прэферэнцыі, нагадвае галоўны рэдактар часопіса «Расея ў глабальнай палітыцы» Фёдар Лук'янаў. Лукашэнка разумее, наколькі ўзрасло для Расеі значэнне інтэграцыі на постсавецкай прасторы, і, каб гандлявацца, будзе спрабаваць ускладняць гэтую інтэграцыю, мяркуе Лук'янаў. Тым больш што прэтэнзіі ёсць і ў Казахстана, а значыць, яны могуць выступаць адзіным фронтам, папярэджвае ён.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках