14 траўня 2024, aўторак, 2:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літва ў абцугах

5

Літоўцы асцерагаюцца стаць наземным калідорам паміж Калінінградскай вобласцю і Беларуссю.

Літва рыхтуецца да канфлікту з Расеяй. І не толькі да гібрыднай вайны, таму што Вільня сур'ёзна разглядае пагрозу вайсковай аперацыі, мэта якой - адкрыць наземны калідор з Беларусі ў Калінінградскую вобласць. Аб такой небяспецы і магчымасцях абароны Літвы, разважае польскі партал tvn24.pl, паведамляе «Радыё Свабода».

У вялікім артыкуле расследуецца, у якіх формах можа праявіцца агрэсія Расеі супраць Літвы: ад традыцыйнага вайсковага ўварвання да дэстабілізацыі метадамі гібрыднай вайны на пэўных тэрыторыях. Ад распальвання этнічнага напружання ў Віленскім краі і ў Клайпедзе, не выключаючы правакацый у транзытных цягніках ў Калінінград, да сабатажу здабычы сланцавага газу ў Таўроскім раёне.

«Часта гаворыцца аб небяспецы, якая пагражае Латвіі і Эстоніі, галоўныя асцярогі там выклікае расейская меншасць. Літва, у адрозненні ад яе паўночных суседзяў, не мае праблем з боку вялікай групы жыхароў, якія не маюць грамадзянства і карыстаюцца расейскімі пашпартамі. У Літве галоўная праблема - геаграфічнае становішча - паміж нашпігаванай зброяй Калінінградскай вобласцю і цесна звязанай з Масквой Беларуссю», - гаворыцца ў тэксце.

Праз гэтага Літва можа трапіць у непрыемную сітуацыю: Расея нападзе з мэтай забяспечыць сабе надзейны наземны калідор паміж Калінінградскай вобласцю і Беларуссю. «Вільня не толькі спадзяецца на падтрымку хаўруснікаў, але і сама робіць захады, якія павысілі б абаронны патэнцыял краіны. І робіць гэта больш паслядоўна, чым Латвія і Эстонія. Гаворка тут не толькі пра рэформы ў войску і павышэнні абаронных выдаткаў, але і аб падрыхтоўцы грамадства да вайны», - сцвярджае партал tvn24.pl.

Калінінградская вобласць займае плошчу 8,3 тысячы кв. км, у ёй жыве амаль мільён чалавек. Па сушы з Расеі да яе можна дабрацца праз Беларусь і краіну-ўдзельніцу NATO Літву. Умовы транзіту прадугледжваюцца ў кароткатэрміновых дагаворах паміж Масквой і Вільняй. Існуе таксама марскі шлях паведамлення, але шлях гэты далёкі і ў выпадку вайны ненадзейны - уздоўж берагоў балтыйскіх краін.

«Сёння Калінінградская вобласць - гэта адна вялікая вайсковая зона. І яна ўсё больш небяспечная для суседзяў», - папярэджвае польскі партал.

Аб намеры Расеі ўзмацніць вайсковую прысутнасць у заходняй частцы краіны і ў Калінінградскай вобласці Літва папярэджвала яшчэ ў 2013 годзе ў сваёй справаздачы аб нацыянальнай бяспецы. Аднак ацаніць, колькі новага ўзбраення туды перапраўлена, можна толькі прыблізна – летась у траўні Расея аднабакова спыніла дзеянне падпісанай ў 2001 годзе з Літвой дамовы, згодна з якой паведамлялася інфармацыя аб ўзбраенні.

У Балтыйскім флоце, дыслакаваным у Балтыйску, служыць 3500 маракоў, ён налічвае больш за 50 караблёў. У 2012 годзе недалёка ад вёскі піянерскай была ўсталяваная радарная станцыя «Варонеж-ДМ», з якой кантралюецца паветраная прастора не толькі над Балтыйскім морам і Паўночнай Еўропай, але часткова і над Азорскай выспай і Грэнландыяй. Сюды дастаўленыя таксама ракетныя сыстэмы С-300 і С-400, якія могуць дасягаць мэтаў на адлегласці 450 км.

Расея магла б паралізаваць ўсю паветраную прастору Літвы, а таксама поўдзень Латвіі і поўнач Польшчы - прылеглыя раёны хаўруснікаў Літвы. Калі б толькі захацела. У Калінінградскай вобласці ўжо размешчаныя і ракеты «Іскандэр», якія могуць пераносіць ядзерныя боегалоўкі.

Яшчэ больш турбавацца праз «калідор» у Калінінградскую вобласць прымушае рост напружанасці паміж Расеяй і Захадам.

Масква заўсёды ўважала гэтую частку сваёй тэрыторыі перадавым плацдармам канфрантацыі з Захадам. Менавіта праз існаванне Калінінградскай вобласці гаварылася, што, можа, балтыйскім краінам не варта было далучацца да NATO.

А ў самой Расеі апошнім часам гэты рэгіён пачалі нярэдка называць "Крым-2», усведамляючы, што адсутнасць наземнага шляху істотна аслабляе эканамічнае забеспячэнне вобласці.

Шукаючы зачэпку для атакі, расейцы напэўна б выкарыстоўвалі пытанне транзіту ў Калінінградскую вобласць. На думку вайсковых экспэртаў, калі б Расея сапраўды наважыла напасці, два асноўныя напрамкі былі б праз Нёман на Клайпеду, гэта значыць, з мора, і з боку Беларусі з мэтай аддзяліць Літву ад Польшчы і гэтым забяспечыць наземны шлях у Калінінград.

Як зазначыў адзін з расейскіх экспэртаў Віктар Мяснікоў, «калі будзе патрэбна, Літва магла б лёгка стаць калідорам паміж Калінінградам і асноўнай тэрыторыяй Расеі».

Беларускі фактар

Нашпігаваны зброяй Калінінград і расейская шпіёнская дзейнасць - гэта яшчэ не ўся небяспека. Галаўны боль літоўскім адказным асобам стварае і Беларусь, хаўруснік Расеі. Ужо шмат гадоў беларускія спецслужбы традыцыйна вельмі актыўныя ў Літве, так як Вільня - важны цэнтр палітычных эмігрантаў з Беларусі. Але апошнія звесткі Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы (VSD) сведчаць, што гэта яшчэ не ўсё.

З рапарту VSD вынікае, што беларускія спэцслужбы звычайна дзейнічаюць дакладна ў тых жа кірунках і супраць тых самых мэтаў, што і расейская выведка. Беларусы спрабуюць вербаваць шпіёнаў ў памежнай службе Літвы, а беларуская вайсковая выведка «агрэсіўна дзейнічае» у вярбоўцы агентаў і «зборы інфармацыі аб аб'ектах вайсковай і стратэгічнай грамадзянскай інфраструктуры». Частка супрацоўнікаў беларускіх спецслужбаў працуе ў пасольстве ў Вільні, іншыя - пад дзелавым прыкрыццём, пераважна ў турыстычных бюро, якія спецыялізуюцца на арганізацыі паездак літоўцаў у Беларусь. На думку VSD, цалкам імаверна, што беларуская вайсковая выведка дзеліцца здабытай інфармацыяй з расейскім ГРУ.

Беларусь - найбліжэйшы вайсковы хаўруснік Расеі, і гэта чарговая прычына турботы для Літвы.

«Расея і Беларусь пастаянна ўзмацняюць вайсковую інтэграцыю. Для Расеі Беларусь - гэта першы ахоўны рубеж на заходнім напрамку. Узаемадзеянне расейскіх і беларускіх вайсковых частак адпрацоўвалася падчас вучэнняў «Захад-2013». Расейскія знішчальнікі выконваюць патрульныя палёты ў Беларусі з канца 2013 года.

Выкарыстоўваючы сітуацыю ва Украіне і рэагуючы на ​​папераджальныя захады NATO ў балтыйскім рэгіёне, у пачатку 2014 годзе Расея ўзмацніла паветраную абарону ў Беларусі і размясціла там дадатковыя самалёты. Расея плануе да канца 2014 года стварыць у Беларусі авіябазу», - так пісалі мінулым летам аўтары рапарта Міністэрства абароны Літвы. Згаданая база - гэта аб'ект у Баранавічах. І гэта другая авіябаза расейцаў у Беларусі, побач з Лідскай (недалёка ад мяжы з Літвой). У абедзвюх з'явіліся самалёты Су-27М3, а таксама, імаверна, чатыры батальёны супрацьпаветранай абароны (максімальна 32 ракетныя сістэмы, у тым ліку С-300).

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках