6 траўня 2024, панядзелак, 10:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шэры імпарт: як Беларусь зарабляе на кантрабандзе ў Расею

6

Штодня на мяжы з Расеяй санітарныя службы суседкі вяртаюць у нашу краіну харчовыя тавары.

Галоўная прэтэнзія - падазрэнні ў рээкспарце прадукцыі з краін Еўропы, на якія Крэмль наклаў гандлёвае эмбарга, паведамляе тэлеканал «Белсат». Хто ж спрабуе зарабіць на шэрым імпарце і чаму часам вяртаюцца тавары ўласна беларускай вытворчасці?

Сотні тон затрыманай на мяжы садавіны, гародніны, мяса-малочных вырабаў. Супрацоўнікі «Рассельгаснагляду» толькі ўчора вярнулі ў Беларусь дзесяць тон сыру. Сфальсіфікаваныя сертыфікаты, адсутнасць адпаведных дакументаў, а пры пільным даглядзе высветлілася, што на самой справе прадукцыю вырабілі ў краінах Еўразвязу, але не ў Беларусі. Шэры гандаль усё больш пашырае маштабы.

«Гэта некалькі соцень мільёнаў даляраў. Прыкладна ад 200 да 400 млн., калі груба зрабіць падлік. Але гэта вельмі ўмоўная лічба, калі рабіць падлік з агульнага аб'ёму імпарту, з агульнай колькасці затрыманняў», - кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

З моманту ўвядзення харчовага эмбарга ў дачыненні да краінаў Захаду супрацоўнікі «Рассельгаснагляду» праверылі больш за 34 тыс. грузавікоў з Беларусі, і 1700 з іх вярнулі назад. Але гэтыя захады не дапамагаюць: наступным этапам павінны стаць канфіскацыя на мяжы і знішчэнне забароненых тавараў, мяркуюць у «Рассельгаснаглядзе», адпаведны законапраект накіравалі ў Еўразійскую камісію.

«Атрымліваецца, што мы вяртаем прадукцыю ў Беларусь, а куды яна далей ідзе? Перагружаюць яе на маленькія машыны і правозяць ляснымі сцежкамі. «Рассельгаснагляд» вядзе актыўную працу з тым, каб гэтага не было», - адзначае Сяргей Данкверт, кіраўнік «Рассельгаснагляду».

Зрэшты, расейскія санітарныя службы маюць прэтэнзіі да беларускага боку не толькі ў плане рээкспарту, але і якасці ўласна беларускай прадукцыі. У харчовых таварах, якія паступілі ў маскоўскую вобласць, толькі сёлета ў 36 з 327-мі пробаў выяўленыя парушэнні. Раней «Рассельгаснагляд» забараніў пастаўкі мяса-малочнай прадукцыі з шэрагу прадпрыемстваў нашай краіны. Сябры ўрада абмяркоўваюць гэтыя пытанні. І на думку менчукоў, на самой справе гэта палітыка, а не санітарныя патрабаванні.

Праўда, «Рассельгаснагляд» не толькі ў дачыненні да Беларусі, але раней і ў дачыненні да Літвы і Грузіі ўводзіў абмежаванні на пастаўкі прадукцыі пасля таго, як стасункі паміж краінамі сапсаваліся.

«Зыходзячы з тых звестак, якімі я валодаю, магу выказаць здагадку, што на самой справе прысутнічае і першая, і другая прычыны: тут сапраўды частка прадукцыі дрэннай якасці, але і палітычныя паводзіны Расеі таксама маюць месца», - кажа Леанід Злотнікаў.

Зрэшты, і эканамічны крызіс у Расеі прывёў да таго, што беларускія чыноўнікі ў чарговы раз загаварылі аб патрэбе пераарыентацыі экспарту на іншыя кірункі. Але дзе і ў якіх краінах чакаюць беларускіх вытворцаў, у чыноўнікаў адказу няма.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках