27 красавiка 2024, Субота, 13:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксей Навальны: Гэта не «адліга», гэта Алімпійскія гульні

14
Аляксей Навальны: Гэта не «адліга», гэта Алімпійскія гульні

Пуцін яшчэ прадэманструе намаганні, накіраваныя на ўмацаванне сваёй улады.

У інтэрв'ю Frankfurter Allgemeine Zeitung расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны распавёў пра новы праект заснаванага ім Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК), у рамках якога былі прааналізаваныя выдаткі на Алімпіяду ў Сочы, піша Inopressa.ru.

«Мы вялікія аматары спорту, мы хочам ганарыцца Гульнямі, - сказаў Навальны, - але мы не згодныя, каб яны станавіліся крыніцай узбагачэння сяброў прэзідэнта Уладзіміра Пуціна». Афіцыйныя звесткі аб выдатках на падрыхтоўку Алімпіяды (214 млрд рублёў, з якіх на дзель дзяржавы прыходзіцца 100 млрд) ён назваў «проста глупствам, поўнай хлуснёй» і прывёў вынікі падлікаў ФБК: у агульнай складанасці ўкладзена 1,5 трлн рублёў, у тым ліку 822 млрд - з федэральнага бюджэту і 33 млрд - з бюджэту Краснадарскага краю, яшчэ 249 млрд рублёў атрымана ў выглядзе крэдытаў Знешэканомбанка (як мяркуюць у ФБК, незваротных) i 343 млрд рублёў - ад дзяржаўных прадпрыемстваў. Сродкі, выдзеленыя паводле апошніх двух артыкулаў, «Пуцін спрабуе падаць як грошы прыватных інвестараў», што, з пункту гледжання Навальнага, няправільна: «Гэтыя прадпрыемствы кантралююцца дзяржавай і вылучаюць грошы згодна з указаннямі дзяржавы. Гэтыя выдаткі аплачваем мы, спажыўцы: прадпрыемствы павышаюць кошты на электрычнасць або на чыгуначныя квіткі». Да сапраўдных прыватных інвестыцый, мяркуе заснавальнік ФБК, можна прылічыць толькі блізу 53 млрд рублёў, гэта значыць менш за 4% усіх выдаткаў.

Параўнаўшы выдаткі на ўзвядзенне 28 алімпійскіх аб'ектаў з коштам падобных збудаванняў у іншых месцах, ФБК прыйшоў да высновы, што «добрых 42% «фінансавых сродкаў было скрадзена, паведамляе выданне. Навальны падкрэсліў, што ўсе выкладкі заснаваныя на «тэкстах законаў, справаздачах прадпрымальнікаў і тэндэрнай дакументацыі». Сваю мэту ён сфармуляваў так: «У нас шмат інфармацыі, у нас ёсць довады. Мы хочам, каб было праведзена расследаванне і каб у той ці іншай форме было прызнана, што лічбы, названыя Пуціным, гэта хлусня».

«Людзі, якія знаходзяцца ва ўладзе, сцвярджаюць, што дзякуючы Гульням расейцы атрымліваюць працоўныя месцы і зарабляюць. Але для кожнага, хто бываў у Сочы, не сакрэт, што вялікую частку людзей на будоўлях складалі замежныя рабочыя, - працягваў суразмоўца Frankfurter Allgemeine Zeitung. - Гэтыя людзі жылі там на становішчы рабоў. Парушэнне іх правоў наўпрост звязана з карупцыяй, паколькі будаўнічыя фірмы даюць хабар наглядным органам, каб ім дазвалялі рабіць, што заўгодна. А калі будаўнічая фірма належыць зяцю губернатара Краснадара, то з усімі, хто ў ёй працуе - хоць расейцамі, хоць не, хоць легальнымі работнікамі, хоць нелегальнымі - яна можа абыходзіцца, як ёй захочацца. Замкнёнае кола: чым больш нелегальных працоўных, тым больш хабараў. Так гэта працуе ў Маскве - а ў Сочы яшчэ лепш».

З нагоды байкоту Алімпіяды, абвешчанага некаторымі заходнімі палітыкамі, Навальны сказаў, што аддаў бы перавагу ўвядзенню санкцый супраць «людзей, якія здзяйсняюць злачынствы». У канцы інтэрв'ю ён выказаўся пра нядаўнія амністыі і выхад на свабоду Міхаіла Хадаркоўскага. Казаць аб «адлізе» ў сувязі з гэтым «проста смешна», мяркуе апазіцыянер. «Пуцін ведае (на гэта яму паказвае і цяперашняя сітуацыя ва Украіне), што ўсё можа раптам змяніцца. Так што мы яшчэ ўбачым ягоныя намаганні ва ўмацаванні ўлады - з дапамогай паліцыі, спробаў кантраляваць інтэрнэт і гэтак далей. Гэта не адліга, гэта Алімпійскія гульні», - кажа ён.

Фота: vmdaily.ru

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках